20:45 Cьмяротны прысуд Канавалаву і Кавалёву | |
30 лістапада першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Аляксандар Федарцоў агучыў прысуд Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву. Абодвух хлопцаў суд прызнаў вінаватымі ў датычнасьці да выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» ў красавіку 2011 году і прыгаварыў да пакараньня сьмерцю. Праваабаронцы і грамадзкія дзеячы ўжо асудзілі такі жорсткі вырак. Сям’я Кавалёва заявіла, што будзе прасіць Аляксандра Лукашэнку захаваць жыцьцё Ўладзіславу. 10.00 Ля ўваходу ў судовую залю — шмат журналістаў, прыкладна тры дзясяткі відэкамэраў. Журналістаў у залю пакуль не пускаюць. Ля судовай залі пачалі глушыць мабільную сувязь. У часе ўсяго працэсу мабільная сувязь у судзе не працавала. 10.10 Маці Ўладзіслава Кавалёва Любоў, стоячы на прыступках суду, сказала, што яна хоча, каб зачыталі ўвесь вырак. Маўляў, тады людзі змогуць пабачыць, ці ёсьць нейкія доказы вінаватасьці падазраваных. 10.55 Апошнімі ў залю завялі абвінавачаных – прыгнутымі тварамі ўніз. Іх ахоўвае 20 міліцыянтаў – 6 на сцэне і 14 пад сцэнай. На твары Канавалава ніякіх эмоцый, Кавалёў разгублены, углядаецца ў залю, шукае кагосьці. Заля напалову поўная. Мабільная сувязь у залі адключаная. Адвакаты вядуць перамовы з падсуднымі. 11.00 Паседжаньне пачалося. Журналістаў з фота- і відэкамэрамі ў залю не пусьцілі. 11.09 Пацярпелыя папрасілі суд абвясьціць вырак цалкам, перадае БЕЛТА. "Поўны тэкст прысуду складае 114 старонак. Прыкладны час абвяшчэньня – 4–5 гадзін”, – сказаў судзьдзя Аляксандар Федарцоў і пачаў зачытваць прысуд. 11.10 Спачатку суд устанавіў віцебскія эпізоды – абвінавачаныя зьдзейсьнілі выбухі ў пад’ездах жылых дамоў, разьбілі шыбы дзіцячай бібліятэкі, усталёўвалі расьцяжкі на сьцежках, падпальвалі кіёск. Канавалаў набываў траціл і захоўваў яго. Канавалаў ня меней за 10 разоў вырабляў выбуховыя прыстасаваньні з трыперакісу ацэтону, а таксама іншых рэчываў і выпрабоўваў іх у лесапасадцы. 11.20 Судзьдзя зазначыў, што Кавалёў дакладна ведаў пра гэтыя дзеяньні Канавалава і не паведаміў пра іх кампэтэнтным ворганам. 11.25 Канавалаў прызнаны вінаватым таксама ў ажыцьцяўленьні выбуху на Дзень рэспублікі 4 ліпеня 2008 году ў Менску. Кавалёў і па гэтым эпізодзе прызнаны вінаватым у неданясеньні. 11.30 Суд устанавіў, што Канавалаў ажыцьцявіў акт тэрарызму 11 красавіка 2011 году ў Менску, здабыўшы выбуховае прыстасаваньне ў Віцебску. Кавалёў разам з Канавалавым даставіў выбуховае прыстасаваньне на найманую кватэру і ажыцьцяўляў пасобніцтва Канавалаву ў прывядзеньні прыстасаваньня ў баявы стан. Канавалаў прызнаны вінаватым у тым, што прывёз прыстасаваньне ў мэтро і зьдзейсьніў выбух. Судзьдзя называе прозьвішчы ўсіх 15 загінулых і каля 200 параненых. 12.00 Суд лічыць даказанай віну Канавалава ў падпале мікрааўтобусу ў Віцебску, але выключае выкарыстаньне ім зброі. Матыў дзеяньняў – хуліганскі. 12.10 Па эпізодах з расьцяжкамі ў Віцебску ў 2003 годзе суд таксама прызнаў вінаватым Канавалава. Абвінавачаньне – "злоснае хуліганства”. Па гэтых выпадках суд выдаліў кваліфікацыю "незаконныя дзеяньні па вырабе выбуховых прыстасаваньняў”. 12.15 Суд апраўдаў Канавалава па абвінавачаньні ў падпале кіёску ў Віцебску ў 2004 годзе. 12.20 Суд устанавіў, што экспэрымэнтальныя выбухі ў лесе і на палігоне Канавалаў праводзіў з 2004 году. Здымкі выбухаў і іх вынікаў знойдзеныя на флэш-картах памяці, забраных у Канавалава. На адным са здымкаў зафіксаваныя пальцы Канавалава. Апошні запіс датаваны студзенем 2011 году. У падвале ў Канавалава знайшлі салетру, алюмініевую пудру, трыперакіс ацэтону і іншыя рэчывы, а таксама элемэнты самаробных прыстасаваньняў, дэтанатараў, прыдатныя для ажыцьцяўленьня выбуху. Канфіскаваны ў склепе Канавалава дэтанатар ідэнтычны дэтанатару, які быў знойдзены ў прыстасаваньні, якое ня выбухнула 4 ліпеня 2008 году ў Менску. Суд лічыць даказанай віну Канавалава ў набыцьці і вырабе выбуховых рэчываў. 12.25 Па выбухах у Віцебску ў верасьні 2005 году суд таксама прызнаў вінаватым Канавалава. Суд агучыў, якія пашкоджаньні мелі пацярпелыя і якія былі прычыненыя фінансавыя страты. Выбухі былі ідэнтычнымі паводле вырабленых прыстасаваньняў. Прыпой з прыстасаваньняў ідэнтычны таму, які быў знойдзены ў падвале ў Канавалава. Суд крытычна ацаніў паказаньні Кавалёва ў судзе, калі ён адмовіўся ад ранейшых паказаньняў супраць Канавалава, і ўзяў пад увагу ягоныя заявы на папярэднім сьледзтве. 12.45 Тэрарыстычны акт у ноч на 4 ліпеня 2008 году. Суд вырашыў, што Канавалаў вырабіў і даставіў у Менск два выбуховыя прыстасаваньні, пасяліўся на вуліцы Заслаўскай. Спачатку прынёс у натоўп адно зь іх, але яно не спрацавала, тады ён схадзіў па другое. Суд пералічвае пацярпелых і цытуе іх паказаньні. На пакеце ад соку "Садочок” знойдзеныя адбіткі пальцаў Канавалава. Суд прызнаў віну Кавалёва ў неданясеньні аб падрыхтоўцы Канавалавым выбуху ў Менску. 13.15 У працэсе абвешчаны перапынак на гадзіну. 14.10 Група людзей, якія прыехалі зь Віцебску, сустрэла адвакатаў, якія прыйшлі на свае месцы пасьля перапынку, воплескамі. 14.20 Працэс адноўлены. Пасьля перапынку судзьдзя зачытвае частку выраку, прысьвечаную выбуху ў мэтро 11 красавіка. Спачатку зачытваюцца прызнаўчыя паказаньні Канавалава на папярэднім сьледзтве, пра тое як ён прывёз выбуховае прыстасаваньне, як знайшлі разам з Кавалёвым кватэру, як выбіраў, дзе падкласьці торбу з выбухоўкай у мэтро, як на наступны дзень паехаў на станцыю Кастрычніцкая і ажыцьцявіў выбух. Кавалёў ведаў пра гэта і не спыніў, заявіў у выраку судзьдзя. Далей пералічаныя паказаньні Кавалёва, сьведак, якія пацьвярджаюць вінаватасьць Канавалава. Паказаньні сьведкі Пачыцкай, якая была ў адной кампаніі з Кавалёвым і Канавалавым, пацьвярджаюць віну абодвух. Чорны колер сумкі адзін сьведка ўспрымаў як шэры, другі як сіні. 15.00 Частка людзей стамілася і села. Судзьдзя робіць заўвагу перш за ўсё маладым: "Гэта непавага да суду і асоб пажылога ўзросту, якія стаяць”. 15.05 Судзьдзя робіць выснову, што зафіксаваная на стужках відэазапісу асоба мае партрэтнае падабенства з Канавалавым. Прыкметаў унутрыкадравага мантажу няма, – на апошнюю фразу частка залі нэгатыўна загула: "Няпраўда!”. "Слухайце!” – сказаў ім судзьдзя. Далей ён паведаміў, што ў іншых відэазапісах зафіксаваны ўнутрыкадравы мантаж. Людзі зноў абураюцца. Судзьдзя загадаў выдаліць з залы ўсіх, хто размаўляе. Людзі сьцішыліся. Дзеяньні Канавалава кваліфікаваныя як тэрарыстычны акт. 15.07 Суд лічыць даказанай віну Канавалава ў вырабе выбуховых прыладаў у Менску ў 2008 годзе. 15.10 Судзьдзя ўстанавіў віну Кавалёва ў саўдзеле ў зьдзяйсьненьні тэракту, у тым, што ён яму дапамагаў. 15.15 "Матывамі зьяўляецца дэстабілізацыя абстаноўкі і застрашэньне насельніцтва”, – заявіў у выраку судзьдзя. 15.20 Судзьдзя выключыў з абвінавачваньня Кавалёва, тое, што ён нібыта купляў выбуховыя рэчывы для Канавалава. Судзьдзя не прыняў да ўвагі аспрэчваньне на судзе Кавалёвым шэрагу сваіх паказаньняў падчас папярэдняга сьледзтва, таму што, маўляў, зрабіў гэта пад маральным ціскам сьледчага. Судзьдзя заявіў, што тут ціску не было, а сьледчы выконваў свой абавязак паінфармаваць Кавалёва аб адказнасьці за саўдзел у тэракце. Судзьдзя таксама сказаў, што не было фізычнага ціску на адрас Кавалёва за выключэньнем выкарыстаньня кайданкаў. У залі зноў абураюцца. Судзьдзя спрабуе адну жанчыну выгнаць з залі, але тая не пайшла. Судзьдзя зрабіў выснову аб непраўдзівасьці заяваў Кавалёва аб ціску і гвалце, ужытых супраць яго. 15.23 Суд прызнаў Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэракце 11 красавіка. 15.25 Судзьдзя прыводзіць заключэньні псыхалягічнай экспэртызы падсудных, якая сьведчыць аб тым, што яны адказваюць за свае ўчынкі. 15.27 Суд прыгавараў Кавалёва і Канавалава да сьмяротнага пакараньня. 15.30 Выносячы пакараньне Канавалаву суд бярэ пад увагу, што ён доўгі час зьдзяйсьняў злачынствы і што ў ягонай лябараторыі было шмат рэчываў для вырабу новых бомб. Суд прыходзіць да высновы, што Кавалёў і Канавалаў уяўляюць выключную небьясьпеку для грамадзтва і таму да іх трэба ўжыць найвышэйшую меру пакараньня. 16.00 Паседжаньне скончылася. Людзі разыходзяцца. Некаторыя пацярпелыя кажуць, што ўхваляюць сьмяротны вырак. Знаёмыя Кавалёва і Канавалава кажуць, што трэба было ўпэўніцца перад тым, як выносіць такі прысуд. Маці Кавалёва Любоў нічога не сказала. Яна не плакала. | |
|
Всего комментариев: 0 | |
История [7] |
Эканомика [2] |
Спорт
[1]
Обзор главных спортивных событий недели
|
Интересные статьи [3] |
Проишествия [0] |
События [5] |
Телевизор [2] |
Приятного аппетита
[0]
Самые вкусные рецепты Белорусской кухни.
|
Новый год [6] |
Рекламодателям [0] |
Смешное [1] |
Минск, сейчас |
|
Веб-камера: 21.BY | POGODA.BY |